Пацярпелыя ад крушэння Ту-204 у Маскве застаюцца ў цяжкім стане
Чатыры чалавекі знаходзяцца ў лякарнях — гэта сябры экіпажу самалёта, які разбіўся ў маскоўскім аэрапорце “Унукава” 29 снежня.
У выніку катастрофы загінула 4 чалавекі. Стан аднаго з пацярпелых ацэньваецца як вельмі цяжкі.
Самалёт Ту-204 належаў расійскай чартэрнай кампаніі Red Wings і выконваў рэйс з Чэхіі. Экіпаж судна меў вялікі налёт, тым не менш, адной з верагодных прычынаў аварыі спецыялісты называюць памылку пілатавання. Камандзір меў налёт 15 тысяч гадзін, першы пілот — 10 тысяч, бортінжынер — таксама 10 тысяч гадзін. Рэйс быў тэхнічным, таму на борце не было пасажыраў.
Самалёт спрабаваў зайсці на пасадку двойчы. Пасля прызямлення ён выкаціўся на межы ўзлётна-пасадачнай паласы, прабіў агароджу і спыніўся на Кіеўскай шашы, разваліўшыся на некалькі частак.
Напярэдадні авіякатастрофы Росавіяцыя накіравала ліст кіраўніцтву ААТ “Тупалеў” аб магчымых праблемах з сістэмай тармажэння на самалётах Ту-204, інфармуе ВВС. Падобны выпадак з выкочваннем іншага самалёта Ту-204 адбыўся 21 снежня ў Навасібірску.
У красавіку Росавіяцыя ў часе планавай праверкі Red Wings выявіла парушэнні правіл выканання палётаў, рэжыму працоўнага часу сябраў экіпажу, а таксама рэгламенту тэхнічнага абслугоўвання на чатырох самалётах Ту-204. У кампаніі тады заявілі, што заўвагі, выказаныя ў часе праверкі, адносяцца да перыяду 2010-2011 гадоў.