Пад Гомелем вымушаныя былі застрэліць жывёлу з Чырвонай кнігі
Некалькіх населеных пунктаў і дачных кааператываў Гомельскага раёна 11 сакавіка наведала агрэсіўная рысь. Яна кідалася на людзей.
Першымі ляснога звера заўважылі раніцай жыхары вёскі Новая Буда. Рысь бегала па агародах і дварах вяскоўцаў, нападала на сабак, забівала курэй. Дзікая котка спрабавала таксама накінуцца да мужчыну, які рамантаваў аўтамабіль у сваім гаражы. Вясковец паспеў своечасова схавацца ад звера ў салоне машыны.
Пакуль рысь гойсала па ваколіцах, у школе вёскі Прыбар заняткі праходзілі за зачыненымі дзвярыма, дзяцей не выпускалі на перапынкі на вуліцу, бацькам рэкамендавалі забіраць вучняў дадому пасля заняткаў, паведамляе БелаПАН.
На адстрэл лясной коткі спатрэбіўся дазвол экалагічных службаў, бо рысь занесеная ў Чырвоную кнігу. Падазраюць, што драпежніца была шалёная. Па вёсках між тым ходзяць чуткі, што там бачылі яшчэ дзвюх рысяў, але ў Прыбарскім сельскім выканкаме гэтыя чуткі не пацвярджаюць.