Пад Мінскам супраць парапланерыстаў па трывозе паднялі баявы верталёт Мі-8

Як піша партал tut.by, экіпаж баявога верталёта Мі-8 быў падняты па трывозе каля 12-й гадзіны і тэрмінова вылецеў у раён аэрадрома Баравая. Ён мусіў затрымаць парушальнікаў паветранай прасторы. Праўда, як высветлілася, зроблена гэта было зусім дарма.

Трывогу ў вайскоўцаў выклікаў паралайтэр — лятальны апарат у выглядзе парашута на каркасе з прапелерам. Па сцвярджэннях вайскоўцаў, ён незаконна з'явіўся над аэрадромам Баравая. У пілотаў паралайтэра, кажуць яны, не было адпаведнага дазволу на права палёту, абавязковага для ўсіх лятальных апаратаў у Беларусі. Шасцёра затрыманых перададзеныя для далейшага разгляду ў Бараўлянскі АУС Мінскага раёна.

Міліцыянты былі больш лаяльнымі да пілотаў, чым вайскоўцы. Разбіральніцтва заняло гадзіну, пасля чаго пілотаў адпусцілі, а іх справу спісалі ў архіў. Як кажа прэс-сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў Аляксандр Данільчанка, на руках у пілотаў былі ўсе неабходныя дакументы і адпаведныя дазволы для палёту. Дый сам лятальны апарат быў афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі.

Выглядае на тое, што Мінабароны дагэтуль не можа адысці ад шоку, выкліканага цацачным дэсантам са шведскага самалёта 4 ліпеня.

Фота — snap.com.ua