Пад Талачыном мікрааўтобус з украінцамі ўрэзаўся ў фуру

Трагедыя адбылася каля 10 гадзінаў раніцы 5 лютага, паведамляе auto.onliner.by.

Украінскі Mercedes Vito ехаў з Львова ў Маскву. У ім гастарбайтары ехалі на працу ў будаўнічай арганізацыі. Па словах даішнікаў Талачынскага раёна, мікрааўтобус урэзаўся ў 35-тонны аўтацягнік з прычэпам. Ад удару вырвала некалькі пасажырскіх крэслаў.

Як стала вядома пазней, кіроўца Mercedes не змог кантраляваць сітуацыю на дарозе з-за дрэннай бачнасці, хоць снегападу не было. Мікрааўтобус ехаў за малдаўскай фурай, гружанай яблыкамі. Падчас руху за аўтацягніком утварылася завіхрэнне паветра, якое падняло снег, што і перашкодзіла кіроўцу ацаніць адлегласць да прычэпа. Гэта і прывяло да аварыі.