Пафала: Рэпрэсіі ў Беларусі такія, што не важна, хто знаходзіцца ў апазіцыі
Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны Роналд Пафала зрабіў шэраг заяваў па сітуацыі ў Беларусі.
Сёння ён наведаў Вільню, выступіў на ўрачыстасці, прысвечанай 20-м угодкам ЕГУ, а таксама паўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі.
"Людзі не могуць нармальна працаваць ва ўмовах рэпрэсій і пастаяннага страху", — сказаў Пафала пра беларускіх апазіцыянераў. Ён адзначыў "катастрафічны" ўзровень палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таму, лічыць Пафала, "не мае значэння, хто знаходзіцца ў апазіцыі".
Ён назваў непрымальнымі ўмовы, у якіх апазіцыя "не можа працаваць і развівацца", і ўсклаў адказнасць за "несвабоду, рэпрэсіі і страх" на Аляксандра Лукашэнку.
Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны заявіў, што Еўрасаюз будзе працягваць патрабаваць вызвалення беларускіх палітзняволеных.
Фота Змітра Лукашука