“Палессежылбуд” пераводзіць супрацоўнікаў на скарочаны графік
Прынамсі, інжынерна-тэхнічных работнікаў перавялі на трохгадзінны працоўны дзень.
Пра гэта паведаміла супрацоўніца гэтай брэсцкай будаўнічай фірмы.
“Патлумачылі, што паменшыўся аб’ём работ. Часова. Працаўнікі будуць атрымліваць заробак прапарцыйна адпрацаванаму часу. Я прыйшла, знаёмай скарджуся, а там сядзеў мужчына нейкі, дык кажа: “А, гэта “Палессежылбуд”! Дык увесь горад ужо ведае, усе будаўнікі”.
Як мінімум, частку рабочых таксама пераводзяць на чатырохдзённы тыдзень, сказала жанчына.
Яшчэ нядаўна фірма мела імідж стабільнага прадпрыемства, якое нават укладвае грошы ў іншыя праекты. Прыкладам, 6 ліпеня “Палессежылбуд” набыў на аўкцыёне акцыі барысаўскага “Лесахіміка” на амаль 4 мільярды беларускіх рублёў. І вось за якіх два тыдні такія рэзкія перамены.