Паліцыя акружыла дом братоў Царнаевых у Бостане (онлайн-трансляцыя)
Журналістаў папрасілі пакінуць тэрыторыю, трансляцыя з месца падзеяў спыненая.
Як паведамляе РБК са спасылкай на мясцовых блогераў, паліцыянты занялі пазіцыі вакол дома ў прыгарадзе Бостана Уотэртаўне, дзе пражывалі браты. Аднак пакуль не ясна, ці знаходзіцца ўсярэдзіне Джахар Царнаеў, якога шукаюць за арганізацыю выбуху.
Раней тэлеканал NBC News паведаміў, што паліцыя затрымала мужчыну і жанчыну, якія нібыта знаходзіліся ў ачэпленым доме, але яны пакуль не лічацца падазраванымі.
Нагадаем, бостанская паліцыя шукае 19-гадовага Джахара Царнаева. Яго падазраюць у здзяйсненні тэракту на штогадовым Бостанскім марафоне. Паліцыя асцерагаецца, што Царнаеў мог начапіць на сябе "пояс смяротніка".
Сёння ў Бостане ў сувязі з пошукамі падазраванага ў тэракце на марафоне прыпынены рух усяго грамадскага транспарту, у тым ліку таксовак. Жыхарам шэрагу раёнаў Бостана рэкамендавана не выходзіць на вуліцу.
Старэйшы з братоў Царнаевых — Тамерлан — загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй. Гэта адбылося, калі браты зладзілі стральбу ў кампусе Масачусетскага тэхналагічнага інстытута. Па некаторых звестках, браты з'яўляюцца ўраджэнцамі Паўночнага Каўказа.
Нагадаем, ахвярамі выбухаў на бостанскім марафоне 15 красавіка сталі тры чалавекі. Раненні атрымалі 183 чалавекі.
Фота — polit.ru