Палітолаг: Для нармалізацыі адносінаў з ЕС вызвалення палітвязняў мала
Новых санкцый супраць Беларусі не будзе, але старыя застануцца. Палітолаг Андрэй Казакевіч мяркуе, што гандаль у адносінах афіцыйнага Мінску з ЕС працягнецца.
У інтэрв'ю электроннаму выданню "Ежедневник" ён адзначыў, што вызваленне палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі на адмену санкцый найхутчэй не паўплывае.
"Для сур'ёзнай нармалізацыі адносінаў з Еўропай толькі вызвалення палітзняволеных будзе мала. Па ўсёй верагоднасці, пэўныя ўмовы будуць пастаўленыя адносна будучых парламенцкіх выбараў", — мяркуе Казакевіч.
Пакуль жа, на яго погляд, можа вырашыцца сітуацыя з амбасадарамі. А далей трэба чакаць "дадатковых хадоў".