Палітвязню ў дзень народзінаў адмовілі ў спатканні з маці
6 траўня Аляксандру Францкевічу споўнілася 22 гады. Маці мусіла прыехаць да хлопца ў Івацэвіцкую калонію на тры дні.
Таццяна Францкевіч распавяла Радыё Свабода, што сабрала 30-кілаграмовую перадачу і збіралася ехаць з Наваполацку ў Івацэвічы. Літаральна напярэдадні ад’езду жанчына даведалася ад кіраўніцтва калоніі, што яе сына пазбавілі спаткання з-за парушэння дысцыпліны. Да таго ж, Францкевіча пазбавілі і значнай часткі грашовай дамапогі — замест 500 тысяч за месяц (5 базавых велічыняў) дазволілі даслаць толькі 100 тысяч.
Аляксандар Францкевіч узяты пад варту з 3 верасня 2010 года. Праходзіў па “справе анархістаў”. 27 траўня 2011 году судом Заводскага раёна асуджаны разам з Ігарам Аліневічам і Мікалаем Дзядком. Аляксандр атрымаў 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.