Памёр Ніл Армстранг — першы касманаўт, які высадзіўся на Месяц
Яму было 82 гады.
Палёт на Месяц амерыканскі касманаўт здзейсніў у 1969 годзе. Ён тады стаў ледзь не самым вядомым чалавекам у сусвеце. Ніл Армстранг пачынаў як лётчык: за штурвал самалёта ён сеў у 16 гадоў, яшчэ да таго, як навучыўся кіраваць аўтамабілем. У часе вайны з Карэяй у 1950-х гадах ён быў пілотам ваенна-марскіх сіл флота ЗША.
Першы палёт чалавека на Месяц быў экстрэмальным і мог скончыцца трагічна. Армстрангу давялося манеўраваць, каб пазбегнуць пасадкі карабля “Апалон 11” у раёне валуноў. У яго заставалася паліва на 20 секунд палёту, калі ён нарэшце пасадзіў месяцовы модуль на паверхню планеты.
Пасля выхаду з капсулы на паверхню ён прамовіў фразу: “Адзін маленькі крок для чалавека, але гіганцкі скачок для ўсяго чалавецтва”.