Памежнікі аддадуць брэсцкім уладам памежны мост і востраў
Раней доступ туды для грамадзян быў закрыты. Пра гэта паведаміў начальнік Брэсцкай памежнай групы палкоўнік Сяргей Брытаў.
Памежны востраў аддзелены ад Брэсцкай крэпасці ракой Буг. Капітальны мост з Тэрэспальскай брамы Брэсцкай крэпасці не аднаўляўся пасля Другой сусветнай вайны. Замест яго зрабілі лёгкі пешаходны мосцік, які цяпер аддадуць грамадзянам. Гэта яшчэ адзін крок да таго, каб з'явіўся пешаходны памежны пераход з Брэста на тэрыторыю Польшчы.
Пра намер зрабіць пераход і аднавіць Тэрэспальскі мост раней заяўлялі ўлады Брэста. Пешаходным пераходам найперш маглі б скарыстацца жыхары 30-кіламетровай памежнай зоны паабапал мяжы, калі адкрыецца малы памежны рух.