Памежнікі дазволілі раварыстам праехаць у Польшчу на двух колах
Актывісты кампаніі "За Вела-Брэст!" атрымалі з Памежнага камітэта адказ з пералікам прыдатных для гэтага месцаў.
Паводле дакумента, патрапіць у суседнюю краіну на ровары можна праз пункты пропуску ў Брэсце і Дамачава. Аднак, як адзначыў каардынатар кампаніі Уладзімір Красько, пры перасячэнні мяжы могуць узнікнуць цяжкасці з польскім бокам.
Беларускія памежнікі папярэджваюць, што іх польскія калегі на "Варшаўскім мосце" (прапускны пункт у Брэсце) могуць забараніць праезд. У сувязі з гэтым "За Вела-Брэст!" вырашыў звярнуцца і да польскага памежнага камітэту з просьбаю растлумачыць працэдуру. Пасля атрымання адказу жыхары Брэста збіраюцца невялікай групай праверыць гэты пункт пропуску на "роварныя падарожжы".
Нагадаем, што ў ліпені актывісты кампаніі "За Вела-Брэст!" падалі заяву ў Памежны камітэт Беларусі. Мэта зварота — даведацца пра нарматыўны парадак пераезду мяжы на двух колах і дзе гэта ўвогуле можна зрабіць. Разам з заявай былі перададзеныя подпісы. За магчымасць абмінуць шматгадзінныя аўтамабільныя чэргі ў Польшчу падпісаліся звыш паўсотні чалавек.
Фота — bymedia.net