Пасля выбараў у Партыі БНФ наспеў канфлікт пакаленняў?

Чальцы мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ збіраліся сустрэцца на Ўправе і абмеркаваць апошнія падзеі, але... Пацалавалі зачыненыя дзверы. Адзін з ініцыятараў сустрэчы Вацлаў Арэшка лічыць, што яе правядзенню наўмысна перашкодзіла кіраўніцтва Партыі БНФ:

Вацлаў Арэшка: "Гісторыя, мне здаецца, не складаная. Практычна за тыдзень да гэтага было кіраўніком гарадской арганізацыі паведамлена на ўправе, што па ініцыятыве шмат якіх сяброў арганізацыі меўся правесціся сход сяброў арганізацыі па абмеркаванні таго, што адбылося за час выбараў і таго, што рабіць далей з той сітуацыяй, якая ў партыі складаецца. Управа паспрабавала не дазволіць правесці гэты сход, абвясціла тэрміновую перарэгістрацыю сяброў мінскай арганізацыі, што не статутна. Паколькі людзі хацелі сабрацца ўсё адно, яны сабраліся. Я так разумею, што сённяшнія кіраўнікі партыі проста спалохаліся размовы з людзьмі, таму замкнуўшы ўправу разбегліся".

Еўрарадыё датэлефанавалася да старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Тое, што адбылося, ён назваў тэхнічным непаразуменнем:

"Офіс у нас ад самага 19 снежня працуе ў надзвычайным рэжыме, тут у нас і паседжанні Сойма пераносіліся, бо памяшканне было занята мерапрыемствамі, звязанымі з "Салідарнасцю". Некаторыя сябры мінскай гарадской арганізацыі вырашылі, што могуць прызначыць мерапрыемства і яго правесці. На жаль, людзі ўжо паўгода не заходзілі сюды... Не ведаю, ці яны ўвогуле сочаць за тым, што адбываецца ў краіне. І былі, напэўна, здзіўленыя, што тут адбываюцца розныя мерапрыемствы, і трэба дамаўляцца загадзя".

Янукевіч настойвае: пра правядзенне сустрэчы ніхто яго не папярэджваў:

"Менш чым за тыдзень была мая асабістая сустрэча з Віктарам Івашкевічам, які ў вуснай форме прасіў лічыць, што ён сыходзіць у адстаўку з пасады кіраўніка мінскай гарадской арганізацыі. І была абмеркавана з ім сітуацыя, было яму паведамлена, што будзе адбывацца перарэгістрацыя сяброў мінскай арганізацыі напачатку, а пазней і іншых абласных арганізацыяў. Сойм прызнаў працу мінскай арганізацыі незадавальняючай па выніках гэтых выбараў, таму пачаць было вырашана менавіта з яе. Спадар Віктар Івашкевіч абсалютна ніякіх пярэчанняў не выказаў, ніякіх жаданняў праводзіць сходы мне асабіста не давеў".

Здаецца, у Партыі БНФ наспеў канфлікт пакаленняў. Працягвае Вацлаў Арэшка:

"Я б не назваў гэта канфліктамі. Гэта такое грунтоўнае каштоўнаснае разыходжанне людзей, якія сёння ў кіраўніцтве партыі са значнай часткай яе сяброў. Дарэчы, гэта тыя сябры, якія пачыналі гэтую партыю. Якія не менш за 20 гадоў там, з якіх яна пачыналася. Практычна ўся моладзевая арганізацыя была разбураная за апошнія гады".

На думку сп. Арэшкі, Партыя БНФ сёння ператвараецца ў віртуальную структуру для задавальнення амбіцыяў некаторых сяброў. "Партыя становіцца, на маю думку, проста інструментам маніпуляцый з боку знешніх сілаў. Магчыма, і рэжыму. Яна проста не выконвае тых задачаў, якія ставіліся і 20 гадоў таму, і паўтараліся, калі стваралася з руху партыя. На сённяшні момант гэта ўжо не палітычная арганізацыя. І скончыцца гэта тым, што значная частка людзей проста выйдзе з гэтай партыі. Што будзе далей? Магчыма, будзе стварацца новая партыя", — кажа ён.

Але Аляксей Янукевіч мяркуе, што сітуацыя не такая ўжо крытычная, і колькасць людзей, якія "баламуцяць ваду", вымяраецца нават не дзесяткамі:

"Тыя некалькі дзесяткаў, пра якія вы кажаце, гэта насамрэч некалькі чалавек. Гэтыя людзі ў партыі даўно не працуюць, і я лічу, што, калі яны разгледзяць пытанне свайго, як яны пішуць, фармальнага сяброўства ў партыі і выйдуць з партыі, то гэта будзе сумленна ў дачыненні да іх саміх, да партыі. Калі людзі нічога не робяць у партыі, але хочуць абмяркоўваць, што партыя павінна рабіць, што павінны рабіць іншыя — такіх дарадцаў нам не трэба".

Фота: www.rferl.org