Пасля заўвагі Еўрарадыё ў цэнтры Мінска змянілі рэкламу (фота)

110812 SverdlovReklama.mp3

Спускаючыся ў падземны пераход каля Нацбанку, карэспандэнт Еўрарадыё нечакана заўважыў стэнд з рэкламай крамы “Амаціста”, якая прадае алкаголь. Вялікі стэнд утрымліваў выяву бутэлек ад віна і назву віскі. Але “Закон аб рэкламе” забараняе “рэкламу алкагольных напояў на плакатах, стэндах, светлавых табло і іншых сродках вонкавай рэкламы”!

Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў разабрацца, ці парушэнне гэта?У Мінгандлі патлумачылі, што калі стэнд рэкламуе нейкую краму, а не канкрэтны таварны знак, такая рэклама нічога не парушае. Калі рэкламуецца нейкі алкагольны напой – гэта праблема.

Тым не менш, у “Беларусьгандалі”, дзяржпрадпрыемстве, якому належыць сетка алкагольных крамаў “Амаціста”, адмовіліся прызнаваць парушэнне.“Усё па законе можна. Мы прайшлі ўсю перыпетыю. Ужо і на транспарце і ў метро – паўсюль ёсць гэта рэклама. Мы ўсё ўзгаднілі. І ніякага парушэння закона няма. Мы ўсё ўзгаднілі. І з гарвыканкамам, і з абаронай спажывецкага рынку, і з Мінгандлю. Мы прайшлі ўвесь працэс. Мы не водку рэкламуем, каб піць на кожным рагу”.

Каб даведацца, ці сапраўды выява бутэлькі з надпісам “Inver house” нічога не рэкламуе, Еўрарадыё звярнулася ў Мінгарвыканкам. Там адразу распачалі праверку, пра вынікі якой паабяцалі паведаміць цягам некалькіх дзён. Але ўжо праз два дні рэклама “Амацісты”… знікла з перахода.

Карэспандэнт Еўрарадыё зноў патэлефанаваў у Мінгарвыканкам. Супрацоўніца Мінгарвыканкама распавяла, што пакуль дакладна не вызначылі, ці парушыла крама закон - ідзе разбіральніцтва. І выказала асабістае меркаванне:“Калі рэкламу знялі, то, сапраўды, нешта было не так!”

Фота: euroradio.fm