Пасол Францыі Мішэль Рэнеры знаходзіцца з рабочым візітам у Гомелі

10—11 красавіка надзвычайны і паўнамоцны пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры знаходзіцца з рабочым візітам у Гомелі.

У нядзелю дыпламат пабываў на богаслужэнні ў Гомельскім рымска-каталіцкім касцёле Нараджэння Божай Маці і сустрэўся з настаяцелем храма ксяндзом Славамірам Ласкоўскім.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама, 11 красавіка пасол Францыі сустрэнецца з кіраўніцтвам і студэнтамі Франка-беларускага інстытута кіравання пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны.

У другой палове дня Мішэль Рэнеры возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці выставы Франсуазы Лімузі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. На выставе "Вада і скала" прадстаўлена больш за 70 твораў сучаснай французскай мастачкі. У Беларусі яе работы ўжо экспанаваліся ў Віцебску ў Арт-цэнтры Марка Шагала, а ў верасні яны будуць паказаныя ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.