Пасол Расіі: З боку Расіі няма ніякіх спробаў адмовіць Беларусі ў крэдыце
"Думаю, што пытанне вырашыцца ў хуткім часе",- заявіў пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў 21 красавіка журналістам у Мінску.
"Ідуць рэгулярныя пасяджэнні кансультатыўнай групы. Перыядычна падключаюцца да гэтага міністры фінансаў. Думаю, што пытанне вырашыцца ў хуткім часе. Няма ніякіх спробаў адмовіць — і гэта самае галоўнае", — падкрэсліў пасол.
Пры гэтым Сурыкаў зазначыў: у праграме антыкрызісных мер для атрымання крэдыту Беларуссю няма патрабавання па збліжэнні курсаў беларускага рубля. Таму што "з самага пачатку ніхто не думаў, што Беларусь вернецца да сітуацыі з рознымі курсамі, меркавалася паступовая дэвальвацыя", растлумачыў дыпламат.
Паводле слоў Сурыкава, пры выдачы крэдыту Расія "будзе выстаўляць адзіную ўмову — каб запазычанні, якія ажыццяўляе Беларусь, паслужылі на карысць развіцця і зніжэння дэфіцыту плацежнага балансу".
Нагадаем, зараз вядуцца перамовы аб выдзяленні Беларусі стабілізацыйнага дзяржкрэдыту РФ у 1 млрд. долараў ЗША, а таксама крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у 2 млрд. долараў, паведамляе БелаПАН.