Патрыярха Кірыла адзначылі прэміяй "Срэбраны галёш"
Цырымонія ўручэння прэміі "Срэбраны галёш" прайшла ў Маскве ўвечары ў панядзелак, 18 чэрвеня.
Нагадаем, што прэмію прысуджае радыёстанцыя "Срэбраны дождж" за самыя сумнеўныя дасягненні ў галіне шоў-бізнэсу. Сёлета ў ліку лаўрэатаў прэміі апынуўся патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Уладальнік залатога брэгета быў уганараваны "Срэбраным галёшам" за бязгрэшнае знікненне гадзінніка ў намінацыі "Рукі па локаць у цудах".
У намінацыі "Мяккая прэса" пераможцамі сталі былы галоўрэд "Известий" Уладзімір Мамантаў (за газету "Не дай бог") і аўтар журналісцкіх расследаванняў Аркадзь Мамантаў ("за наогул Бог ведае што").
Пецярбургскі дэпутат-адзінарос Віталь Мілонаў, аўтар законапраекта пра забарону прапаганды гомасэксуалізму, таксама стаў уладальнікам "Срэбранага галёша" — "за прапанову адмяніць гомасэксуалізм да 2015 года".
Талібджон Курбанхонаў, выканаўца хвалебнай оды Уладзіміру Пуціну, атрымаў "Срэбраны галёш" у намінацыі "Глыбокая глотка" — "за самую адчайную спробу атрымаць маскоўскую рэгістрацыю".
Атрымалі прэміі і некаторыя іншыя палітыкі, у тым ліку Уладзімір Жырыноўскі і прэс-сакратар крамлёўскага руху "Нашы" Крысціна Патупчык, адзначае РБК.