Паўночная Карэя прызнае, што запуск касмічнага спадарожніка быў няўдалым
Як паведамляе агенцтва Франс Прэс, першая ступень ракеты ўпала ў мора ў 165 кіламетрах ад Сеула.
Дзве астатнія ступені, верагодна, не аддзяліліся. Запуск ракеты са спадарожнікам быў прымеркаваны да 100-х угодкаў з дня нараджэння першага кіраўніка краіны Кім Ір Сэна, якія прыпадаюць на 15 красавіка.
Планы Пхеньяна запусціць уласную касмічную ракету выклікалі рэзкае асуджэнне з боку многіх краін свету. Яны падкрэслівалі, што Паўночная Карэя парушае тры рэзалюцыі ААН, якія забараняюць запуск ракет з выкарыстаннем балістычных тэхналогій.
З асуджэннем запуска выступіла "Вялікая васьмёрка", якая абяцае прыняць меры ў адказ і заклікае ААН да адпаведных дзеянняў.
Тым часам ЗША і Паўднёвая Карэя абвінавацілі Пхеньян у правакацыі. Нібыта, пад выглядам запуска грамадзянскай ракеты-носьбіта былі праведзеныя выпрабаванні ракеты вайсковага прызначэння. Прычым, яна здольная наносіць удары па цэлях на адлегласці да дзесяці тысяч кіламетраў.