Пенсіянер з Іванаўскага раёна забіў аднаго рабаўніка і параніў другога

Як паведамляе БелаПАН, уначы ў хату 60-гадовага жыхара вёскі Моладава забраліся двое невядомых у масках. Яны проста паднялі зашчапку, на якую былі зачыненыя дзверы. 


Пенсіянер, які жыве адзін, прачнуўся ад шуму. Рабаўнікі зайшлі ў пакой, дзе спаў гаспадар. Там, пагражаючы яму нажом, яны патрабавалі выпіўку і грошы. Абараняючыся, пенсіянер ударыў аднаго рабаўніка кухонным нажом, і той памёр на месцы ад страты крыві. Другога рабаўніка мужчына параніў нажом. 


Выявілася, што абодва рабаўнікі раней былі асуджаныя, цяпер непрацуючыя. Параненага завезлі ў лякарню, дзе яму зрабілі аперацыю.