Пенсіянерку суд аштрафаваў без судовага разбіральніцтва
Лідзія Шасцюк пакарана судом Брэсцкага раёна штрафам у памеры 140 тысяч рублёў. Пенсіянерка не атрымлівала ні позвы ў суд, ні пастановы суда.
Пенсіянерка вёскі Кавердзякі Брэсцкага раёна Лідзія Шасцюк толькі падчас атрымання пенсіі даведалася, што пакарана штрафам у памеры 140 тысяч рублёў за абразу сваёй суседкі. Жанчына звярнулася ў суд, дзе даведалася, што паседжанне адбылося яшчэ ў снежні. Але Шасцюк не атрымліва ні позвы ў суд, ні пастановы суда.
У пастанове, якую ёй выдалі падчас наведвання суда, дапушчаны фактычныя памылкі: указана няправільна месца пражывання Шасцюк і прозвішча яе суседкі, якая нібы ў вуснай форме паскардзілася ўчастковаму на абразу.
Па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, да якога звярнулася пенсіянерка за дапамогай, гэта далёка не адзінкавы выпадак, калі найчасцей пенсіянеры атрымліваюць немалыя штрафы, не бываючы ў судзе.
Лідзія Шасцюк напісала скаргу пракурору Брэсцкага раёна, дзе просіць апратэставаць пастанову суда, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".