Як еўрапейскія санкцыі на рыбалоўства паўплываюць на беларускі бізнес?
Завод “Санта-Брэмар” / Santa Bremor
9 чэрвеня Еўракамісія абвясціла пра планы ўвесці 21-ы пакет санкцый супраць Расіі. Сярод сектараў, якія трапяць пад абмежаванні (разам з энергетыкай, фінансавымі паслугамі і крыптавалютай), аказалася і рыбалоўства.
— І, нарэшце, мы звяртаемся да аднаго з апошніх буйных сектараў, які яшчэ не быў ахоплены санкцыямі, — рыбалоўства. Мы прапануем істотныя абмежаванні на імпарт шэрагу рыбных прадуктаў і поўную забарону на іншыя, у тым ліку на траску. Акрамя таго, мы прывядзём гандлёвыя абмежаванні для Беларусі ў адпаведнасць з расійскімі, каб яна не магла служыць пралазам для расійскага гандлю, — гаворыцца ў заяве прэзідэнткі Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен.
У рыбнай прамысловасці Беларусі ёсць два асноўныя гульцы: Аляксандр Машэнскі — гендырэктар “Санта-Брэмар” і Людміла Няронская — адна з уладальніц кампаніі “Саюзныя рыбныя промыслы” і блізкая сяброўка сям’і Лукашэнкі.
Ці пацерпяць бізнесы асноўных беларускіх рыбных прадпрымальнікаў пасля ўвядзення санкцый ЕС? Пра тое, як санкцыі паўплываюць на іх, Еўрарадыё спытала ў расследавальніцы і эканамічнага аглядальніка.
“Праблемай будзе забарона на ўвоз з ЕС”
Наколькі моцна санкцыі на рыбалоўства паўплываюць на Беларусь, будзе залежаць ад таго, якія менавіта абмежаванні ўвядзе ЕС.
— Калі гаворка ідзе, напрыклад, пра абмежаванне перавозкі прадукцыі з Беларусі ў Еўрасаюз, то глабальна на бізнесе Людмілы Няронскай і Аляксандра Машэнскага гэта, хутчэй за ўсё, не адаб’ецца, — лічыць журналістка-расследавальніца з “Бюро” Ксенія Вязнікоўцава.