Першыя славяне з’явіліся ў Еўропе 4 тысячы год таму
Так сцвярджаюць польскія навукоўцы з Універсітэта Каперніка ў Быдгашчы.
Вынікі іх даследавання надрукаваў навуковы часопіс "Plos one". Праз аналіз ДНК навукоўцы даказалі, што першыя славяне засялялі тэрыторыю Цэнтральна-Усходняй Еўропы яшчэ чатыры тысячы гадоў таму.
Гэта цалкам руйнуе распаўсюджанае меркаванне, што першыя славяне з'явіліся ў Еўропе толькі ў Сярэднявеччы. Навукоўцы даследавалі ДНК больш як 2500 прадстаўнікоў славянскіх народаў — у Беларусі, Украіне, Польшчы, Чэхіі, Расіі, Славакіі, а таксама Сербіі, Харватыі ды Славеніі. Дзякуючы гэтаму стала магчыма прасачыць за "генеалагічным дрэвам" славян, якому, як выявілася, некалькі тысячагоддзяў.
На думку часткі археолагаў, з'яўленне славян у Еўропе — справа даволі нядаўняга перыяду. Па іх тэорыі, славяне з'явіліся на тэрыторыі Еўропы толькі ў ІІІ-IV стагоддзях нашай эры. Гэтыя высновы грунтуюцца на аналізах элементаў матэрыяльнай культуры славян. Аднак генетычны аналіз аспрэчвае гэту версію.
Фота — usiter.com