Польская паліцыя вярнула журналісту Межую скрадзены фотаапарат
Пра гэта Міністэрства унутраных справаў Польшчы паведаміла ў адказ на зварот еўрадэпутата Марэка Мігальскага.
У сваім адкрытым лісце Мігальскі заклікаў знайсці і пакараць усіх удзельнікаў бойкі з беларусамі ў Варшаве.
У адказе гаворыцца, што ў межах расследавання было затрымана дзевяць мужчын. Пяці з іх, што паводзілі сябе найбольш агрэсіўна, выставілі абвінавачванні, паведамляе інтэрнэт-старонка еўрадэпутата. Акрамя таго, польская паліцыя змагла вярнуць журналісту Івану Межую скрадзены ў яго польскімі хуліганамі фотаапарат.
Нагадаем, што 12 жніўня на футбольным полі ў Варшаве адбылася бойка паміж польскімі хуліганамі і беларусамі, якія хацелі правесці на полі футбольны турнір. У выніку здарэння судырэктару Беларускага дома Змітру Бародку зламалі нос, а карэспандэнту "Хартыі'97" Івану Межую разбілі галаву, зламалі палец і скралі дарагі фотаапарат.