Польскі дэпутат: Беларускія апазіцыянеры ў турмах з-за польскай дыпламатыі
У польскім Сейме адбылася штогадовая справаздача міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага пра напрамкі замежнай палітыкі краіны.
Як піша “Газэта Выборча”, пасля выступу галоўнага дыпламата Польшчы з крытыкай на яго адрас выступілі прадстаўнікі апазіцыйных партый. Міністэрства замежных спраў абвінавацілі, што ў яго прыярытэтах ранейшае месца ЗША займае Нямеччына. Таксама паводле апазіцыі, у адносінах з Расіяй польскія дыпламаты “хаваюць праблемы пад дыван”. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца не вернутыя Расіяй рэшткі прэзідэнцкага самалёта Ту-154, які разбіўся на Смаленшчыне.
Асабіста Сікорскага абвінавацілі ў тым, што ў яго як кіраўніка МЗС нічога не атрымоўваецца. У віну міністру паставілі і тое, што ў яго няма навуковай ступені магістра (у Польшчы яе атрымоўваюць тыя, хто 5 год правучыўся ва ўніверсітэце і абараніў дыплом).
У сваю чаргу прадстаўнік партыі “Салідарная Польшча” Аркадыюш Мулярчык заявіў, што з-за польскай дыпламатыі беларускія апазіцыянеры сядзяць у турмах. У прыватнасці, гаворка ішла аб праваабаронцы Алесі Бяляцкім. На гэта абвінавачванне міністр адказаў адным словам: “Хлусіш!”
Фота Мулярчыка — se.pl