Польскі МЗС: Варшава сур'ёзна занепакоеная чарговым затрыманнем Пачобута
Пра гэта заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, консульства Польшчы ў Гродне і амбасада ў Мінску ўважліва сочаць за развіццём падзей.
На думку Басацкага, арышт журналіста — гэты чарговы доказ таго, што ў Беларусі па-ранейшаму вельмі дрэннае становішча з правамі чалавека.
Нагадаем, што Андрэя Пачобута затрымалі 21 чэрвеня каля 16 гадзін у сябе дома ў Гродне ў прысутнасці сям'і. Па словах жонкі, ён працаваў над чарговым артыкулам, калі з'явіліся супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі і Следчага камітэта. У хаце адбыўся ператрус, а самога Пачобута павезлі ў пракуратуру, а адтуль — у СІЗА.
На яго пачалі справу за паклёп на прэзідэнта, учынены асобай, якую раней асудзілі за паклёп ці абразу. Хутчэй за ўсё, нагодай для крымінальнага пераследу сталі артыкулы журналіста на сайтах "Хартыя'97" і "Беларускі партызан" пра смяротныя прысуды Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.