Польскі шпіён выдаў кнігу пра Беларусь і шведа-шпіёна
Аўтар піша пра беларускае КДБ, расійскае ФСБ і шведа-шпіёна з вёскі Мядзведкі.
Шпіёнскую аповесць "Нелегалы" выдаў афіцэр польскай разведкі пад псеўднімам Вінсэнт В. Северскі (Vincent V. Severski). Падзеі ў 800-старонкавым творы разгортваюцца ў лукашэнкаўскай Беларусі, Польшчы і Швецыі.
Аўтар раскрывае метады працы міжнародных шпіёнскіх спецслужбаў. Польскае радыё паведамляе, што кніга выйшла яшчэ летась і стала хітом продажаў. Цяпер плануецца яе выданне па-руску.
У кнізе распавядаецца пра таямнічую скрыню, закапаную ў 1940-я гады ў руінах Брэсцкай крэпасці. У ёй — сенсацыйныя даваенныя архівы НКВД пра дзейнасць савецкай разведкі і яе шпіёнаў у міжваеннай Польшчы. За скрыняй палююць Варшава і Масква. У дадатак шведская разведка просіць палякаў дапамагчы ў назіранні за 80-гадовым Хансам Ёргенсам — датчанінам са шведскім пашпартам, які аказваецца супершпіёнам расійскіх спецслужбаў і да таго ж беларусам з-пад Гродна. Ёргенс люта ненавідзіць палякаў за забойства ў час вайны яго сям’і й жыхароў яго роднай вёскі Мядзведкі. Яго гісторыя звязаная з акалічнасцямі архіву НКВД. Польскія і расійскія агенты дзейнічаюць у Беларусі. Беларускае КДБ у кнізе паказанае як карумпаваная структура, звязаная з бізнэсам і кантрабандыстамі.
Паведамляецца, што аўтар кнігі працаваў у спецслужбах 27 гадоў. За гэты час ён удзельнічаў у 140 місіях у амаль 50 краінах пад псеўданімам. Яго, нібыта, неаднаразова ўзнагароджвалі польскія ўлады, а Барак Абама нядаўна ўзнаголдзіў яго ордэнам “Легіёну пашаны”.