Польскіх памежнікаў асудзілі да турмы за кантрабанду з Беларусі
Беластоцкі раённы суд вынес прысуды па крымінальнай справе супраць 20 польскіх мытнікаў і памежнікаў з польска-беларускага памежнага пераходу Баброўнікі.
Крымінальная справа супраць іх была распачатая яшчэ вясной 2006 года. Як паведамляе Kurier Poranny, яны абвінавачваліся ў тым, што займаліся кантрабандай з Беларусі цыгарэтаў, алкаголю, паліва і запасных частак для маторных пілаў. За асобную плату мытнікі і памежнікі таксама прапускалі ў Польшчу і беларусаў з кантрабандай.
У выніку, беластоцкі суд вынес прысуд 12 чалавекам. Чацвёра з іх былі асуджаныя за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе. Паводле прысуду, у турме яны павінны правесці ад 2 да 3 гадоў. Двое чалавек атрымалі ўмоўныя тэрміны, шэсць — штрафы, а восем былі прызнаныя невінаватымі — праслухоўванне іх тэлефонаў было прызнанае незаконным. Менавіта дзякуючы праслухоўцы былі сабраныя доказы віны гэтых людзей.