Прафсаюзы з “Нафтана” гатовыя выклікаць у суд апазіцыянераў
Калі Еўрасаюз увядзе санкцыі, якія пацягнуць за сабой зніжэнне прыбыткаў прадпрыемства і дабрабыту яго супрацоўнікаў.
Пярвічная арганізацыя ААТ “Нафтан” ад імя 12,5 тысяч работнікаў “катэгарычна асуджае” заклікі прадстаўнікоў апазіцыі ўвесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі і байкатаваць тавары прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу. Такую заяву афіцыйныя прафсаюзы прадпрыемства распаўсюдзілі 23 сакавіка, перадае БелаПАН.
Аўтары звароту падкрэсліваюць, што наваполацкі “Нафтан” — гэта горадаўтравальнае прадпрыемства, дзякуючы якому існуюць не толькі непасрэдна яго работнікі, але і іншыя жыхары горада — шматлікія настаўнікі, лекары, студэнты і пенсіянеры.
У выпадку ўвядзення санкцый, якія пацягнуць за сабой зніжэнне прыбыткаў прадпрыемства, прафсаюзы пагражаюць судовымі пазовамі апазіцыянерам, якія заклікалі Еўрасаюз да такіх крокаў. У прыватнасці гаворка ідзе пра Віктара Івашкевіча, Дзмітрыя Уса, Сяргея Калякіна, Аляксандра Атрошчанкава. З іх могуць спагнаць кампенсацыю за матэрыяльную шкоду.