Пракуратура не знайшла фактаў жорсткага абыходжання з Аўтуховічам
Пракуратура Брэсцкай вобласці адмовілася пачынаць адпаведную крымінальную справу.
Адпаведны адказ ад следчых пракуратуры атрымаў былы адвакат палітвязня Павел Сапелка. У дакуменце гаворыцца, што падчас праверкі было немагчыма выявіць факты сістэматычнай знявагі годнасці Мікалая Аўтуховіча ці схілення яго да самазабойства. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Нагодай для зварота Сапелкі сталі публікацыі ў інтэрнэце. Нагадаем, што раней паведамлялася, быццам Аўтуховіч зрабіў спробу суіцыду, даведзены да адчаю беззаконнем службовых асобаў Івацэвіцкай калоніі.
Следства паведаміла тлумачэнні Аўтуховіча. Палітвязень заявіў: ён парэзаў сабе рукі на знак пратэсту супраць таго, што адміністрацыя калоніі пакрывае супрацьпраўныя дзеянні загадчыка гаспадаркі атрада №13 Пракаповіча. Па словах Аўтуховіча, гэты чалавек збівае вязняў. Аднак, паводле звестак следства, Аўтуховіч не змог назваць нікога са збітых. Іншыя вязні таксама не пацвердзілі факты збіцця.