Пракуратура правярае, ці сапраўды міліцыя збіла вартаўніка аўтастаянкі

На відэа, змешчаным на сайце "Платформа", вартаўнік сцвярджае, што 14 лістапада ў пункт аховы аўтастаянкі на вуліцы Малініна ў сталіцы прыйшлі двое праваахоўнікаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не паказваючы дакументы і нічога не патлумачыўшы, яны забралі яго ў Ленінскі РУУС. На допыце міліцыянтка надзела на Сарочыка кайданкі і пачала збіваць, патрабуючы прызнання ў крадзяжы надмагільных плітаў, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акамулятараў з машын ды ў рабаўніцтве кіёскаў на адным з рынкаў.

Пенсіянер усё адмаўляў, але збіццё толькі ўзмацнілася. Васіль Сарочык сцвярджае, што яго білі нагамі і дубінкамі. Да гэтага перыядычна падключаліся іншыя супрацоўнікі міліцыі. Калі мужчына губляў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой.

Катаванні працягваліся каля 6 гадзінаў, ніякага прызнання ў вартаўніка не выбілі. У выніку, на Сарочыка склалі нейкі дакумент, які ён падпісаў, але не змог прачытаць. Пасля гэтага яго адпусцілі, інфармуе БелаПАН.

Больш відэа са сведчаннямі Васіля Сарочыка можна паглядзець тут.

Фота — bymedia.net