Прапаршчык спецназу, які ўжыў газ супраць фанатаў, вінаваціць журналістаў
Праверка інцыдэнту на бабруйскім стадыёне скончыцца праз 10 дзён.
Пра гэта спартыўнаму парталу Goals.by паведаміў прэс-сакратар магілёўскай міліцыі Раман Посахаў. Пакуль ідзе праверка, супрацоўнік спецназу, які ўжыў газ, працягвае выконваць свае абавязкі.
Прапаршчык магілёўскага спецназу Уладзімір Рэцікаў, у сваю чаргу, заяўляе, што адчувае ўціск. Па яго словах, яму на мабільнік прыходзяць пагрозлівыя смс-кі. У гэтым спецназавец вінаваціць журналістаў, якія распавялі пра здарэнне.
Тым часам камандзір магілёўскага спецназу Сяргей Волкаў упэўнены, што яго падначаленыя дзейнічалі ў рамках закону. Рэцікава ён называе прафесійным і добрым супрацоўнікам, які атрымаў крапавы берэт яшчэ ў войску. На думку Волкава, футбольныя фанаты ўмеюць паводзіць сябе ў Мінску, але "разнявольваюцца" пры выездзе ў іншыя гарады.