Правядзенне незалежнага назірання на Магілёўшчыне пад пытаннем
У кампаніі за “Справядлівыя выбары-2012” на Магілёўшчыне канфіскавалі матэрыялы для назіральнакаў, каардынатара кампаніі аштрафавалі за парушэнне закона ад СМІ.
Магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Юрый Новікаў аштрафаваны на 4 мільёны рублёў. Суддзя Ленінскага раённага суда горада Магілёва Аксана Ратнікава палічыла яго вінаватым ў распаўсюджанні друкаванай прадукцыі, прысвечанай незалежнаму назіранню ў Магілёўскай вобласці. 11 верасня яна вынесла рашэнне аб прысуджэнні Юрыю Новікаву штрафу ў памеры 40 базавых велічынь. Юрый Новікаў здзіўлены такім рашэннем суда, бо паводле ягоных словаў, у багажніку свайго аўтамабіля ён перавозіў матэрыялы, неабходныя для падрыхтоўкі незалежных назіральнікаў для выбараў. Гэта былі іменныя працоўныя сшыткі назіральнікаў, брашуры для іх і інфармацыйны бюлетэнь “За справядлівыя выбары”. Усе гэтыя матэрыялы былі для ўнутранага карыстання. Сваё затрыманне магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” лічыць загадзя спланаваным.
“Мэта майго затрымання была адна – канфіскаваць тыя матэрыялы, якія мы зрабілі для нашых назіральнікаў у межах кампаніі “За справядлівыя выбары 2012 - кажа Юрый Новікаў, - суд прыняў рашэнне, знішчыць усе матэрыялы, прысвечаныя незалежнаму назіранню ў вобласці. Аднак, мы да апошняга спадзяваліся, што па рашэнні суда нам вернуць сшыткі для працы назіральнікаў, таму што сказаць, што гэта сродкі масавай інфармацыі, з’яўляецца поўным абсурдам. Так можна палічыць, што сшыткі школьніка, з якімі ён ходзіць у школу таксама з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі. Следчы на допыце мяне пераконваў, што гэтыя сшыткі нам вернуць, можа, толькі забяруць інфармацыйныя бюлетэні. Але што адбылося, тое адбылося. Цяпер мы шукаем магчымасці, каб выйсці з гэтага становішча да выбараў. Думаю, што мы выправім сітуацыю, аднак у нейкай ступені гэта скажацца на якасці падрыхтоўкі нашых назіральнікаў”, - падсумоўвае Юрый Новікаў.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суддзя Аксана Ратнікава наўмысна прыняла некампетэнтнае рашэнне, дзеля таго, каб не страціць пасаду.
“І затрыманне Новікава і пастанова аб тым, каб падвергнуць яго адміністрацыйнаму штрафу ў памеры чатырох мільёнаў рублёў з’яўляюцца незаконнымі. Улічваючы нашы суды, спадзявання на станоўчы вынік пры абскарджванні няма, аднак мы ўсё роўна будзем абскарджваць, каб дайсці да самога камітэта па правах чалавека пры ААН”, - кажа Барыс Бухель.
Нагадаем, што вечарам 23 жніўня на вуліцы Грышына ў раёне Чыгуначнага вакзала супрацоўнікамі ДАІ была спыненая машына Юрыя Новікава. Яго папрасілі даць дакументы на праверку, пасля чаго прапанавалі праехаць для разбіральніцтва ў Ленінскі РАУС, дзе адбыўся дагляд машыны. У багажніку былі знойдзены “Метадычныя рэкамендацыі для назіральнікаў” у колькасці 293 асобнікі, “Рабочы сшытак назіральніка” – 291 асобнік, інфармацыйны бюлетэнь кампаніі “За справядлівыя выбары” у колькасці 905 асобнікаў. Уся друкаваная прадукцыя была канфіскаваная міліцыянтамі.
Фота: http://bymedia.net/
Рэпартаж падрыхтаваны спецыяльна для праграмы Кардыяграма.