Прэм'ер-міністр Італіі прапанаваў забараніць футбол

Такое неафіцыйнае меркаванне ён выказаў у гутарцы з кіраўніком урада Польшчы Дональдам Тускам, перадае РБК. Па яго словах, вельмі сумна, калі ўлюбёная гульня становіцца спосабам нажывы для ашуканцаў і жулікаў.

Скандальная заява Монці ўжо выклікала рэзкую незадаволенасць сярод італьянскіх футбольных функцыянераў. Яны прапанавалі не дэманізаваць сітуацыі і пазбегнуць абагульненняў.

Заява італьянскага прэм'ера звязаная з чарговым скандалам вакол дамоўленых матчаў, які грымнуў за тыдзень да чэмпіянату Еўропы ў Польшчы і Украіне. Адным з галоўных фігурантаў стаў гулец "Зеніту" Дамініка Крышыта, які ўжо адлічаны са зборнай Італіі.