Прэзідэнт Польшчы пасмяротна даў ордэн ураджэнцы Беларусі (фота)
Вядомая польская журналістка Тэрэза Тараньская памёрла некалькі дзён таму ва ўзросце 69 гадоў пасля цяжкой хваробы.
Польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі пасмяротна ўзнагародзіў яе Камандорскім Крыжам Ордэну адраджэння Польшчы. Ордэн нададзены за выбітны ўнёсак у развіццё польскай журналістыкі ды асаблівыя заслугі ў распаўсюджанні ведаў пра найноўшую гісторыю Польшчы.
Узнагароду з рук Браніслава Камароўскага 9 студзеня падчас пахавання атрымаў муж журналісткі Лешак Санкоўскі, паведамляе сайт прэзідэнта Польшчы.
Тараньская была вядомая шэрагам кніг інтэрв'ю з вядомымі асобамі польскай палітыкі. Таксама яна была аўтаркай праграмы “Зараз вы” на польскім тэлеканале TVP2 і серыі тэлевізійных інтэрв’ю. Акрамя таго, журналістка была суаўтаркай шэрагу дакументальных фільмаў.
У 2001 годзе яна была ўзнагароджаная Афіцэрскім Крыжом Ордэна адраджэння Польшчы.
Нарадзілася Тэрэза Тараньская ў 1944 годзе ў Ваўкавыску.

