Рафаэль Пуарэ узначаліў беларускіх біятланістаў
У аўторак французскі спецыяліст падпісаў кантракт. Ён становіцца галоўным трэнерам нашай мужчынскай зборнай.
Супрацоўніцтва разлічана на два гады, паведамляе сайт Беларускай федэрацыі біятлону.
Мяркуецца, што Пуарэ будзе працаваць у цесным кантакце з трэнерам жаночай каманды Клаўсам Зібертам і французам Аліўе Ганонам, які ўзначальвае сэрвіс-групу.
Рафаэль Пуарэ — адзін з самых вядомых французскіх біятланістаў, чатырохразовы ўладальнік Кубка свету, васьміразовы чэмпіён свету, трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў. Ён завяршыў спартовую кар'еру ў 2007 годзе. У мінулым сезоне трэніраваў юніёрскую каманду Нарвегіі.
Фота з сайту Беларускай федэрацыі біятлону