Рагачоўскія даішнікі стралялі па машыне п'янага кіроўцы
Толькі гэтак яны змаглі спыніць парушальніка.
30 верасня даішнікаў выклікаў участковы міліцыянт, які паведаміў пра п'янага 24-гадовага кіроўцу. Парушальніка на ВАЗ-2110 яны выявілі каля крамы ў вёсцы Востраў Рагачоўскага раёна.
Як паведамляе БелаПАН, даішнікі паспрабавалі спыніць яго, аднак кіроўца рэзка павялічыў хуткасць і пачаў уцякаць. Праваахоўнікі зладзілі пагоню з уключанымі пробліскавымі маячкамі і гукавой сігналізацыяй. Парушальнік, аднак, не спыняўся. Спярша ён ехаў у бок Бабруйска, потым павярнуў у бок Гомеля.
Каб спыніць небяспечнага парушальніка, даішнікі стрэлілі па задніх колах яго аўтамабіля. У выніку "ВАЗ" апынуўся ў кювеце. Акрамя самага парушальніка ў аўтамабілі былі яшчэ тры пасажыры. Ніхто з іх не пацярпеў. Пры затрыманні кіроўца і адзін з пасажыраў аказалі супраціў і былі дастаўленыя ў міліцыю для разгляду.
За парушэнне Правілаў дарожнага руху быў складзены адміністрацыйны пратакол. А вось за супраціў міліцыянтам на парушчальнікаў пачалі крымінальныя справы.
На фота — кадр з фільма "Месца сустрэчы змяніць нельга"