Рагачоўскі міліцыянт-забойца адпраўляецца ў калонію на 18 год
У ліпені летась ён без усялякіх прычын стрэліў з табельнай зброі ў галаву 22-гадовай дзяўчыне.
Крымінальная справа ў дачыненні да былога супрацоўніка Рагачоўскага РАУС распачата 7 ліпеня 2010 года паводле п.13 ч.2 арт.139 КК РБ (забойства з хуліганскіх мэтаў).
Выяўлена, што 31-гадовы ўчастковы інспектар міліцыі быў накіраваны для аховы грамадскага парадку на тэрыторыі Званецкага і Журавіцкага сельсаветаў у часе “Купалля”. Замест гэтага ён, знаходзячыся ў форме і маючы пры сабе табельную зброю, на беразе возера каля вёскі Старыя Журавічы распіваў спіртныя напоі з двума супрацоўнікамі Рагачоўскага РАУС і знаёмымі дзяўчынамі. Затым без якой-небудзь падставы міліцыянт стрэліў у галаву 22-гадовай дзяўчыны, якая 16 ліпеня 2010 года памерла ў аддзяленні рэанімацыі Рагачоўскай цэнтральнай раённай лякарні.
Суд прызнаў яго вінаватым і цяпер, калі прысуд набыў моц, былы міліцыянт 18 гадоў будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе сайт Генпракуратуры.