Расійскі рубель можа быць уведзены ў Беларусі не раней як праз 3 гады
Такое меркаванне выказаў загадчык лабараторыі Інстытута народнагаспадарчага прагназавання РАН Аляксандр Шыраў.
У інтэрв'ю ІА REGNUM расійскі эксперт адзначыў, што па факце расійскі рубель як больш стабільная валюта "ўжо зараз шырока выкарыстоўваецца для міжкраінавых разлікаў як бізнесам, гэтак і насельніцтвам".
"Пераход да расійскага рубля мае шэраг тэхнічных складанасцяў, якія бакі не здолелі пераадолець у межах мінулых спробаў збліжэння фінансавых сістэм: 1) Пытанне аб эмісійным цэнтры; 2) Пытанне аб уніфікацыі фінансавага і бюджэтнага заканадаўства; 3) Пытанне аб правядзенні адзінай грашова-крэдытнай палітыкі. Рашэнне гэтых пытанняў вымагае часу. Хаця працэсы ў межах АЭП можна разглядаць як рух у бок большай гарманізацыі эканамічных сістэм, які раней ці пазней можа прывесці да стварэння адзінай валюты. Такім чынам, можна казаць пра тое, што ў кароткатэрміновай перспектыве ўвод расійскага рубля ў якасці асноўнага плацежнага сродку ў Беларусі, відаць, немагчымы. Але ў сярэднетэрміновай перспектыве (3-5 гадоў) гэтаму нічога не замінае", - заявіў Шыраў.