Расійская апазіцыя трымаецца лагерам у цэнтры Масквы (фота)
Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, удзельнікі вулічных пратэстаў застаюцца на Чыстых прудах нават уначы.
Увечары 12 траўня там засталося начаваць пад адкрытым небам каля 300 чалавек, многія людзі таксама праводзяць ноч у бліжэйшых кругласуткавых кавярнях. У штабе лагера ёсць электрычнасць, якая працуе ад генератара, праведзены Wi-Fi, працуюць тры пункты доступу.
Намёты не ставяць, бо гэта забаронена заканадаўствам Масквы. Але над штабам апазіцыйнага лагера нацягнуты тэнт. Пратэстоўцам раздаюць гарачую гарбату, каву, печыва, бутэрброды.
На сёння, 13 траўня запланаваная лекцыя пра беларускі досвед барацьбы з дыктатурай. Яе павінны былі чытаць 12 траўня, але з-за дажджу перанеслі і цяпер спалучаць з лекцыяй пра досвед казахстанскай апазіцыі.
Нагадаем, што хваля масавых пратэстаў расійскай апазіцыі пайшла яшчэ ў канцы 2011 году, пасля выбараў у Дзяржаўную думу. Тады, згодна з вынікамі галасавання, палову месцаў у парламенце атрымала праўладная партыя “Адзіная Расія”. Шэсці, мітынгі і пікеты рэгулярна адбываліся цягам некалькіх месяцаў, да прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Уладзімір Пуцін. Апазіцыя выказвала нязгоду з вынікамі парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
6 траўня, напярэдадні інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна паліцыя і АМАП жорстка падавілі санкцыянаваны ўладамі “Марш мільёнаў”. 7 і 8 траўня ў Маскве прайшлі стыхійныя вулічныя акцыі. За тры дні было затрымана каля тысячы чалавек, некаторыя лідары апазіцыі трапілі пад адміністратыўны арышт.
Аднак пратэстоўцы працягваюць выходзіць на вуліцы і ладзяць “бестэрміновыя народныя гулянні”. Сёння а 12.00 паводле маскоўскага часу павінна адбыцца акцыя “Кантрольная прагулка”. Вядомыя пісьменнікі, музыканты і журналісты запрашаюць усіх неабыякавых людзей сабрацца на Пушкінскай плошчы і прайсціся адтуль да Чыстых прудоў. Такім чынам арганізатары шэсця хочуць праверыць, ці можна свабодна гуляць па Маскве.





