Расійскія вытворцы малака выступілі супраць беларускай прадукцыі
Агульнарасійская нарада прадстаўнікоў прадпрыемстваў малочнай галіны запатрабавала забараніць увоз беларускіх малочных прадуктаў з 4 чэрвеня да 1 снежня 2012-га
Расіяне патрабуюць прыпыніць увоз з Беларусі сухога натуральнага малака, сухога абястлушчанага малака, сухой малочнай сыроваткі і масла жывёльнага вясковага 72,5% і 82,5% тлустасці.
У рэзалюцыі нарады адзначаецца, што "ў сувязі з вельмі цяжкай сітуацыяй у сусветнай малочнай індустрыі, выкліканай перавытворчасцю малака, і, як вынік, падзеннем цэнаў, расійская малочная галіна сутыкнулася з недапушчальным зніжэннем цэн як на сырое малако, так і на гатовую малочную прадукцыю". Таму для захавання малочнай галіны Расіі неабходна прыняць неадкладныя захады. У адваротным выпадку яны прагназуюць "немінучы развал малочнай галіны Расіі".
Як паведамляе БелаПАН, з прыпыненнем імпарту малочнай прадукцыі з Беларусі расійскія вытворцы спадзяюцца стабілізаваць цэны на гэтую прадукцыю на расійскім рынку, а таксама спыніць "дэмпінг з боку беларускіх пастаўшчыкоў".
Нагадаем, апошні сур'ёзны "малочны канфлікт" паміж Беларуссю і Расіяй адбыўся летам 2009 года.
Фота — bymedia.net