Расія лічыць, што пераход улады да паўстанцаў спыніць кровапраліццё
Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве расійскага МЗС.
У дакуменце выказваецца ўпэўненасць, што ўлада ў Лівіі неўзабаве пяройдзе ў рукі паўстанцаў. Разам з тым Масква заклікала міжнародную супольнасць не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Лівіі, інфармуе РІА "Новости".
Тым часам, тэлеканал "Аль-Джазіра" паведаміў, што кіраўнік Вышэйшага народнага камітэта (ураду) Лівіі Аль-Багдадзі аль-Махмудзі ўцёк у суседні Туніс. Аль-Махмудзі увесь апошні час заставаўся верны Муамару Кадафі, неаднаразова спрабаваў пачаць перамовы з міжнароднай супольнасцю, каб спыніць гвалт у краіне. Ён таксама выступаў на прэс-канферэнцыях у Лівіі, калі сам Кадафі ужо не з'яўляўся на публіцы з меркаванняў бяспекі.
Цяпер напружаныя баі ідуць ва ўмацаваным квартале Баб-аль-Азізія лівійскай сталіцы. Там размяшчаецца рэзідэнцыя Кадафі. Паўстанцы паведамляюць пра вялікія страты ў гэтых баях. Урадавыя войскі, якія ахоўваюць рэзідэнцыю Кадафі, ужываюць цяжкую бронетэхніку. Акрамя таго з'явілася інфармацыя, што да цэнтра Трыпалі на дапамогу абаронцам Баб-аль-Азізію прарываюцца элітныя часткі спецбрыгады сына Кадафі Хаміса.