Расіяніна, які штурмаваў беларускую мяжу на BMW, асудзілі на 4 гады
Пакаранне 23-гадовы грамадзянін Расіі будзе адбываць у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Такі прысуд вынес 19 красавіка суд Брэсцкага раёна, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, што расіянін, які працяглы час пражывае ў Нямеччыне, 21 студзеня ў аўтадарожным пункце пропуску "Дамачава" на вялікай хуткасці пераехаў дзяржаўную мяжу Беларусі. Як адзначае абвінавачанне, малады чалавек наўмысна пашкодзіў чатыры шлагбаўмы, яшчэ адзін камплект шлагбаўма знішчыў.
На наступны дзень расіяніна і яго аўтамабіль знайшлі ў адной з вёсак Брэсцкага раёна. Шкоду, нанесеную мытні, ацанілі амаль у 30 мільёнаў рублёў. Гэтую суму расіянін цалкам кампенсаваў падчас разгляду справы ў судзе.
Тым не менш суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку, а таксама ў наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці.
На судовым паседжанні расіянін прызнаў сваю віну цалкам і раскаяўся ў зробленым. Свае дзеянні патлумачыў тым, што быў засмучаны з-за страты працы ў Нямеччыне, бо трапіў пад скарачэнне, сваркай са сваёй дзяўчынай і маці.
Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.