Распрацавана 20 варыянтаў рэканструкцыі стадыёна “Дынама”

Заяўкі падалі 20 прэтэндэнтаў і конкурс можна лічыць адбытым, паведаміў журналістам галоўны архітэктар Мінска Аляксандр Пятроў. Імёны прэтэндэнтаў на перамогу запячатаныя ў канвертах, а ў праектах яны будуць зашыфраваныя шасцізначнай лічбай. Такім чынам, да самага абвяшчэння пераможцы ні сябрам камісіі, ні экспертам не будзе нічога вядома пра тое, хто аўтар той ці іншай заяўкі.

Са словаў галоўнага архітэктара Мінска, ёсць прапановы нават з замежжа — Італіі, Нямеччыны і, верагодна, Турцыі, перадае БЕЛТА. Заключэнне па кожным праекце дадуць 19 снежня.

Пераможца конкурсу атрымае 40 тысяч долараў, уладальнік другога месца — 20 тысяч, трэцяга — 10 тысяч долараў у эквіваленце па курсе Нацбанку на дзень аплаты.