Разгляд справы брэсцкага апазіцыянера зноў не адбыўся
Суддзя будзе на Новы год думаць, ці выпусціць Віталя Каўша з-пад варты.
Хадайніцтва пра змену меры стрымання заявіў сёння новы адвакат Каўша. Прычына — на ўтрыманні ў абвінавачанага двое малых дзяцей, справа поўнасцю даследаваная, следства скончанае. Але пракурор запярэчыла, і суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька ўзяў час на роздум. Вынік ён абвесціць 3 студзеня ў 9.30.
На судзе быў знаёмы Віталя Каўша, Андрэй. Ён распавёў у каментары Еўрарадыё:
Андрэй: "Пабалець прыйшоў. Неяк так адбылося, што доўгі час не было Віталя, і я толькі адгалоскі чуў. За той час, колькі мы знаёмыя, ведаю яго як працавітага і разумнага чалавека, які спачатку падумае, а потым зробіць. У мяне аднойчы было кепска са здароўем, дык ён некалькі разоў прыязджаў, падтрымліваў".
Нагадаем, 28-гадовага Віталя Каўша вінавацяць у спрыянні незаконнай міграцыі. Нібыта ён у траўні дапамог васьмярым індусам у іх спробе прайсці над беларуска-польскай мяжой па канату.
Двое затрыманых індусаў пасля дэпартацыі далі на камеру паказанні, што іх “змусілі агаварыць невядомых людзей”. Ролік быў размешчаны ў сеціве.
На фота — брэсцкі суд