Рэпер Сярога заявіў, што яго спрабавалі завербаваць заходнія спецслужбы

Сярога паведаміў, што ў школе вучыўся на выдатна, але не змог паступіць у прэстыжную мінскую ВНУ праз вялікую колькасць "блатных" маладых людзей, пераказвае падзеі сайт udf.by.

Тады ён сустрэў аднаго немца, які распавёў, што ў яго на радзіме такіх хлопцаў, як Сяргей, вельмі цэняць. Сярога разам з сябрам паехаў у Нямеччыну, але там яны абодва трапілі ў паліцыю. Вызваліў іх Бэн - той самы немец, які распавёў аб прыгажосці замежнага жыцця.

Сябры паступілі ў ВНУ, але методыка выкладання ў ёй хутка выклікала падазрэнне у Сярогі. Акрамя таго, Пархоменка заўважыў, што за ім сочаць. Прааналізаваўшы ўсе падзеі, малады чалавек зразумеў, што іх рыхтуюць да падрыўной дзейнасці ў сябе ў краіне. Нікому нічога не сказаўшы, ён з'ехаў дадому.

У Беларусі ён звярнуўся ў КДБ, дзе, дарэчы, ведалі пра ўсё, што з ім адбывалася. Аднак у часы распаду савецкай праваахоўнай сістэмы ніхто не хацеў штосьці рабіць. Сярогу тады "адфутболілі".

І вось нядаўна да Пархоменкі зноў звярнуліся супрацоўнікі тых самых заходніх спецслужбаў. Яны хацелі, каб ён вярнуўся ў Нямеччыну. Таму ў якасці самаабароны Сярога вырашыў абнародаваць апісаныя факты.

Фота: forum.qline.by