Рускі "фашыст" хоча судзіцца за беларускую мову ў Страсбургу
21 сакавіка пройдзе першае паседжанне па справе вядомага удзельніка баёў без правіл і прыхільніка нацыянал-сацыялізму Вячаслава Дацыка.
Яго вінавацяць у падпале царквы на Заграбскім бульвары Санкт-Пецярбурга 2 жніўня 2010 года. Таксама Дацыку інкрымінуюць абрабаванне салону сотавай сувязі.
Дацык лічыць сябе па нацыянальнасці беларусам, але яму не прадаставілі перакладчыка з рускай на беларускую мову. Гэта, на думку падсуднага, адно з найгрубейшых парушэнняў у яго справе. Па гэтым і іншых пытаннях Дацык збіраецца звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу, паведамляе сайт Baltinfo.
Дарэчы, Дацык мае вялікую крымінальную біяграфію. Яго арыштавалі ў 2007 годзе па абвінавачванні ў серыі разбойных нападаў на салоны сотавай сувязі ў Санкт-Пецярбургу. Паводле рашэння суда Дацык быў прызнаны бессвядомым, яму прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
У жніўні 2010 года Дацык збег з псіхіятрычнай лякарні. Мяркуюць, што пасля гэтага ён абрабаваў яшчэ адзін сотавы салон і падпаліў царкву.
Беларускія карані Дацыка афіцыйна ня пацверджаныя. Нібыта, беларусам быў яго дзед, а сапраўднае яго прозвішча — Дацук.
Фота — Dagbladet