Рыхтуюцца тэматычныя складанкі песень — "Песні героям" і "Сімвалы свабоды"
Гэты праект рэалізуе канцэртна-выдавецкі лэйбл "Беларуская Музычная Альтэрнатыва".
Першы CD будзе прысвечаны канкрэтным людзям і знакавым постацям нашай гісторыі і культуры. Адметнасць гэтай складанкі ў тым, што там будуць сабраныя не творы дадзеных асобаў, а песні-прысвячэнні ім (Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу, Янку Купалу, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу, Еўфрасінні Полацкай ды іншым). Выданне прымеркаванае да 150-х угодкаў ад пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага.
Другая складанка — пра нацыянальныя сімвалы Беларусі: бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. На адным CD будуць сабраныя творы розных выканаўцаў, якія ў розныя гады звярталіся да гэтай тэмы.
"Беларуская Музычная Альтэрнатыва" заклікае кожнага ахвотнага далучыцца да стварэння гэтых дыскаў. Песні, ідэі ды заўвагі, музыку і тэксты прапануецца дасылаць на e-mail: [email protected]