Санкцыі супраць Чыжа закранулі і дзяцей з футбольнай школы "Дынама"
Юныя выхаванцы клуба ды іх бацькі ледзь не сталі ахвярамі санкцый Еўрасаюза.
Нагадаем, што Еўрасаюз сёлета ўвёў санкцыі супраць бізнэсоўца Юрыя Чыжа, якога называюць адным з "кашалькоў Лукашэнкі". Пад санкцыі трапілі і прадпрыемствы Чыжа, у тым ліку і футбольны клуб "Дынама" (Мінск).
Клуб звярнуўся ва УЕФА па тлумачэнні, якія наступства гэта можа мець. Галоўны еўрапейскі футбольны орган паведаміў, што санкцыі на клуб распаўсюджвацца не могуць, бо футбол па-за палітыкай.
Аднак санкцыі ўсё ж закранулі дзіцячую школу, заяўляе прэс-служба мінскага клуба. Юныя футбалісты "Дынама" мусілі паехаць у Фінляндыю для ўдзелу ў міжнародным турніры Vantaa Cup. Для паездкі арандавалі аўтобус у Літве і нават зрабілі перадаплату. Аднак праз некалькі дзён літоўскі перавозчык паведаміў, што паездку ў Хельсінкі зрабіць не можа, бо грошы, атрыманыя на рахунак кампаніі, заблакаваў банк.
Паехаць у Фінляндыю дзецям усё ж удалося: дадатковыя грошы на паездку сабралі бацькі.
Фота — dinamo-minsk.by