Сацыяльныя зніжкі: пенсіянеры могуць зэканоміць на ёгурце 70 (!) рублёў
У Віцебску пенсіянеры, інваліды і шматдзетныя маці могуць набываць прадукты, абедаць у кавярнях і карыстацца паслугамі з ільготамі.
У Віцебску амаль два месяцы таму пачала развівацца сістэма лаяльнасці, закліканая аказаць сацыяльную дапамогу малазабяспечаным гараджанам. Цяпер пералік крамаў, дзе шматдзетныя сем’і, інваліды і пенсіянеры могуць набыць прадукты і пакарыстацца бытавымі паслугамі са зніжкамі значна пашыраны. Аб тым, як працуе гэтая сістэма, Еўрарадыё паспрабавала даведацца, прайшоўшыся па крамах Віцебска.
У краме “Малако” зніжкі на ёгурты і сыркі – пяць адсоткаў. Гэта каля 70 рублёў эканоміі. Такой палёгкай людзі, як правіла, не карыстаюцца, распавядаюць прадаўцы:
“Абмежаванне па часе, звярніце ўвагу. Толькі з 10 да 12 можна карыстацца зніжкай. А па-другое – сырочкі, ёгурты. І ўсё. А пенсіянеры звычайна гэта не бяруць”.
Абутковая крама “ШагаВіта” абслугоўвае шматдзетныя сем’і з 10 да 12 гадзін штодзённа са зніжкай 12 адсоткаў. Дзякуючы немалым коштам на абутак, эканомія складае ад 20 тысяч з пары.
“Цяпер у асноўным “зіма” карыстаецца попытам, – тлумачыць у краме. – Зімовы дзіцячы абутак зараз каштуе 180 – 220 тысяч. Вось 12 адсоткаў зніжка. Напрыклад, бяруць дзве пары. У нас ёсць дакумент, ведамасць зніжак. Гэта можа быць і два, і тры чалавекі за дзень. А могуць і не кожны дзень заходзіць”.
Кавярня “Маладзёжная” па вуліцы Леніна прапануе комплексны абед са зніжкай для малазабяспечаных 30 адсоткаў. У адрозненні ад прадуктовых крам, гэтай прапановай карыстаюцца. Нават ёсць пастаянныя кліенты.
“Прыходзяць і аб’яўляюць: У вас тут бясплатна кормяць! Да нас дайшла інфармацыя, што тут бясплатна кормяць”, – распавядаюць афіцыянткі. – 8.600-9000, але не менш каштуе абед са зніжкай. Гэта комплекс: салат, першае, другое і трэцяе. Ідзі, паспрабуй дзе-небудзь паабедай за восем тысяч. Правільна?”
У гаспадарчай краме са зніжкамі абслугоўваюць толькі па чацвяргах. І, як прызнаюцца самі прадаўцы, гэтыя акцыі не вельмі папулярныя ў пакупнікоў. З дробязных тавараў эканомія мізэрная, а значную пакупку людзі не могуць сабе дазволіць, мяркуе дырэктар крамы.
“Пенсіянерам, інвалідам другой групы і шматдзетным сем’ям зніжкі 8% на лямпы напальвання. На пральны парашок – 5 адсоткаў, пральныя машыны – мінус 3 адсоткі, мыла туалетнае і гаспадарчае – мінус 5 адсоткаў. Пакуль ніводнай пралкі не купілі. Купляюць толькі лямпачкі напальвання або энергазберагаючыя. І то не вельмі шмат. Эканомія недзе рублёў 150. З вялікай сумы, зразумела, адчувальна. А калі такая дробязь, як лямпачка...”
Крама “Еўраопт” прапануе пенсіянерам 3-адсоткавую зніжку амаль на ўсе прадукты. Пенсіянеры ў большасці сваёй пра яе не ведаюць. Найперш з-за складанай сістэмы атрымання паслугі. Для яе трэба аформіць дысконтную картку па прадстаўленні пасведчання. А эканомія ў рэшце атрымліваецца зусім нязначнай. Можна зэканоміць, пакарыстаўшыся некаторымі паслугамі пральні. На мыцці зніжка не заўважная. Але на хімчыстцы і чыстцы падушак можна зэканоміць некалькі тысяч.