Савет міністраў замежных спраў ЕС 12 красавіка абмяркуе сітуацыю ў Беларусі
Як паведамляецца на сайце Савета ЕС, пасяджэнне ўзначаліць вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
12 красавіка ў Люксембургу пройдзе чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза.
Інтэрнэт-рэсурс Delfi са спасылкай на падрыхтаваны ў МЗС Літвы дакумент паведамляў, што на пасяджэнні савета планавалася абмеркаваць прымяненне эканамічных санкцый адносна Беларусі. "Найперш трэба ўстанавіць мэты такіх мер, мадальнасць і іх магчымае дзеянне. Таксама неабходна прадугледзець і выпадкі іх адклікання, калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца. Мы не ўхваляем тыя эканамічныя санкцыі, з-за якіх могуць пацярпець грамадзяне Беларусі", — цытуе партал дакумент, падрыхтаваны МЗС Літвы і перададзены ўраду.
Згодна з дакументам, Літва заклікае пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. "Мы павінны думаць не толькі аб мерах адносна рэжыму, але і аб тым, як цяпер дапамагчы беларускаму грамадству, як зрабіць яго больш адкрытым. Адзін са спосабаў такой адкрытасці адносна ЕС — гэта спрашчэнне візавага рэжыму, трэба пачаць перамовы аб гэтым", — адзначаюць у літоўскім МЗС.